Сёмуха Васіль Сяргеевіч

1936 - 2019

Сёмуха Васіль Сяргеевіч

Васіль Сяргеевіч Сёмуха нарадзіўся 18 студзеня 1936 года на хутары Ясенец (Пружанскі раён, Брэсцкая вобласьць) у сям'і лесьніка. Яго маці, Марыля Васільеўна, скончыла Пружанскую гімназію, добра ведала польскую, нямецкую, рускую мовы, ідыш.

У ліпені 1942 года бацькі былі арыштаваныя нацыстамі праз падазрэньне ў сувязі з партызанамі і расстраляныя ва ўрочышчы Слабудка. Асірацелых братоў Васіля і Яўгена выхоўвалі цёткі Ганна і Галеня зь вёскі Смаляніца.

З 1954 г. па 1959 г. вывучаў германістыку на рамана-германскім аддзяленьні філялягічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава. Праігнараваўшы накіраваньне працаваць у Пензе, Сёмуха вярнуўся ў родную Беларусь. Працаваў рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве (1959-1964), пазьней звольнены і выключыны з Саюза Пісьменьнікаў БССР па ідэалягічных прычынах і некалькі гадоў ня меў сталага жытла, падпрацоўваў на тэхнічных перакладах і выкладаньнем нямецкай мовы ў школах. Працаваў літаратурным супрацоўнікам газэты «Літаратура і мастацтва» (1967-1972). З 1972 года — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура», звольнены пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі. Ужо на пэнсіі, выкладаў сусьветную літаратуру ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Быў сузаснавальнікам беларускага ПЭН-цэнтру.

Васіль Сёмуха — выдатны беларускі перакладчык зь нямецкай, польскай, латыскай, лацінскай, нарвэскай, украінскай ды іншых моваў. Ён пераклаў творы Гётэ, Шылера, Гайнэ, Ніцшэ, Брэхта, Дурэнмата, Германа Гесэ, Томаса Мана, Рыльке, Зюскінда, Райніса і многіх іншых.

Вяршыняй яго перакладчыцкай дзейнасьці стаў пераклад Бібліі на беларускую мову, выдадзены ў 2002 годзе. Праца над перакладам доўжылася 14 гадоў. Біблія выйшла на ахвяраваньні беларусаў ЗША и Канады і асабістыя грошы Сёмухі, яго дачкі Алесі і сына Сяргея.

Васіль Сёмуха быў узнагароджаны ордэнам «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія», найвышэйшай узнагародай Латвіі — «Ордэнам Трох Зорак», мэдалём Рады БНР "За заслугі дзеля беларускага адраджэньня", зьяўляецца ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа.

Васіль Сяргеевіч меў сябраваў зь пісьменьнікам Уладзімірам Караткевічам, быў яго рэдактарам. Караткевіч стаў хросным бацькам яго дачкі Алесі. Напрыканцы жыцьця Сёмуха страціў зрок, але да апошняга перакладаў. Памёр 3 лютага 2019 г. і пахаваны на гарадзкіх могілках у Пружанах.

Узнагароды

Мэдаль «100 гадоў БНР»2018
Ордэн «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія»2001
Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа1992
Ордэн Трох Зорак (Латвія)1998
Літаратурная прэмія імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН Цэнтру1998