Дзюрэнмат, Фрыдрых - Аварыя
Прапаную чытачам крымінальны твор “Аварыя”, мабыць, многім вядомы па кінафільме, знятым і паказаным у савецкія часы. Долю арыгінальнасці Фрыдрых Дзюрэнмат умудрыўся ўкласці і ў гэты “аскомны” жанр. “Як існуе мастак у адукаваным свеце, у свеце пісьменнасці? – пісаў Дзюрэнмат. – Пытанне, якое мяне мучыць, на якое я яшчэ не маю адказу. Мабыць, найлепш, калі ён піша крымінальны раман, стварае мастацтва там, дзе яго ніхто не спадзяецца знайсці”. Цяжка сказаць, наколькі гэтая думка адпавядае іранічнаму Дзюрэнмату з яго любоўю да мастацкіх правакацый. Але адно пэўна: ён падымае крымінальны раман (сваёй задумай і здольнасцю тлумачыць канкрэтную “справу” як грамадскі феномен) намнога вышэй за той узровень, на якім гэты зацяганы бяздарнасцямі жанр прывык пачувацца прывольна і сытна. Здольнасць Дзюрэнмата праз шматлікія іранічныя пераломы без прадузятасці высвечваць да патаемных глыбіняў чалавечыя паводзіны робіць “Аварыю”, якую Дзюрэнмат называе “яшчэ магчымай гісторыяй”, шэдэўрам сатырычнай прозы нашага з вамі часу, з яго неверагоднымі пацешнымі, вычварнымі гульнямі з чалавекам, пра што герой “Аварыі” Трапс сказаў: “… асаблівы шарм нашай гульні якраз у тым, …што чалавеку пры гэтым робіцца не па сабе, несамавіта і вусцішна. Гульня пагражае абярнуцца рэальнасцю”. - Васіль Сёмуха
